7 лістапада кандыдат філалагічных навук Алена Ляшкевіч прэзентуе вынікі сваіх даследаванняў каляндарных абрадаў у Беларусі да 2020 г. і папярэднія вынікі даследаванняў на Падляшшы і Куявах у 2021 г. У цэнтры ўвагі будзе святочны перыяд, які адзначаюць праваслаўныя і католікі перад Вялікім постам. У мясцовых традыцыях Беларусі і Падляшша гэты святочны перыяд мае разнастайныя назвы: Масленіца, Запусты, Запускі, Загавіны, Мясапуст, Сырніца, Масленка, Улас і іншыя, а таксама іх варыянты.
Будуць прадстаўлены карты распаўсюджвання найбольш значных элементаў масленічнай абраднасці ў Беларусі і палявыя матэрыялы.
Выступленне будзе па-польску. Частка палявых матэрыялаў будзе прадстаўлена на беларускіх гаворках.
Алена Ляшкевіч – фалькларыстка і журналістка, рэалізуе ў Інстытуце этналогіі і культурнай антрапалогіі даследчы праект “Параўнальны аналіз нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Польшчы і Беларусі: на прыкладзе Масленіцы і Запустаў”, аўтар кнігі “Традыцыйны каляндар: нарысы” і сурэдактарка зборніка архіўных і палявых матэрыялаў “Масленіца. Абрад. Песні. Напевы”.